:

Крэдытна-фінансавае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

Крэдытна-фінансавае супрацоўніцтва

Крэдытна-фінансавая сфера — крыніца трывалага стратэгічнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Крэдытная падтрымка кітайскіх банкаў і Урада на працягу шэрага гадоў садзейнічала дасягненню Беларуссю высокіх тэмпаў эканамічнага росту, забяспечвала мадэрнізацыю вытворчасцей і стварэнне развітой інфраструктуры. Значны імпульс развіццю адносін у крэдытнай сферы надало адкрыццё ў 2015 годзе кітайскім бокам новых ільготных і камерцыйных крэдытных ліній Рэспубліцы Беларусь у развіццё дамоўленасцей кіраўнікоў дзяржаў. Пры фінансавай падтрымцы кітайскіх банкаў у Беларусі рэалізуецца або ўжо рэалізавана каля трох дзясяткаў буйных інвестыцыйных праектаў у галіне транспарту, энергетыкі, прамысловасці. Найбуйнейшыя ключавыя банкі партнёры ў Кітаі — Экспартна-імпартны банк (Эксімбанк), Банк развіцця Кітая (БРК), Банк Кітая і іншыя. Актыўна развіваецца міжбанкаўскае крэдытна-фінансавае ўзаемадзеянне.

У рамках комплекснай работы па падрыхтоўцы да размяшчэння каштоўных папер Рэспублікі Беларусь на фінансавым рынку Кітая 03.09.2018 кітайскае рэйтынгавае агенцтва «Чайна Чэнсінь Інтэрнэшнл Крэдыт Рэйтынг Компані Лімітэд» (CCXI) прысвоіла Рэспубліцы Беларусь суверэнны крэдытны рэйтынг па кітайскай нацыянальнай рэйтынгавай шкале на ўзроўні «АА+» са стабільным прагнозам. Адначасова агенцтва прысвоіла Рэспубліцы Беларусь суверэнны рэйтынг па міжнароднай шкале на ўзроўні “BBg”.

05.06.2018 напярэдадні рабочага візіту Кіраўніка дзяржавы ў Кітай на саміт ШАС (адбыўся 9-10.06.2018) у Беларусі зарэгістравана Прадстаўніцтва Банка развіцця Кітая ў г. Мінск. У мэтах адкрыцця новых магчымасцей фінансавання інфраструктурных праектаў, асабліва ў рамках падтрымкі Беларуссю ініцыятывы «Пояс і шлях», 17.01.2019 Беларусь стала сямідзесятым членам Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый (АБІІ).

Інвестыцыйнае супрацоўніцтва

За 30 гадоў дыпламатычных адносін Беларусі з Кітаем агульны аб'ём інвестыцый з Кітая, што паступілі ў эканоміку нашай краіны, склаў больш за 2,6 млрд. долараў ЗША, у тым ліку каля 1,1 млрд. долараў прамых.

Па выніках 2021 года аб'ём інвестыцый з КНР у Беларусь склаў 109,2 млн. долараў (тэмп росту да 2020 года 104,5%), у тым ліку прамыя — 74,8 млн. долараў (тэмп росту 137,6%). Прамыя інвестыцыі растуць апераджальнымі тэмпамі, аднак іх аб'ём на чыстай аснове паменшыўся на 21, 4%. У якасны бок змянілася структура прамых інвестыцый: 55,9 працэнта рэінвесціраванне і ўдзел у капітале, у той час як у мінулым годзе найбольшая ўдзельная вага прыпадала на даўгавыя інструменты (64,4%). Найбольшы аб'ём прамых кітайскіх інвестыцый прыцягваецца ў прамысловасць, будаўніцтва, транспартную дзейнасць і лагістыку. У справаздачным перыядзе з удзелам кітайскіх кампаній рэалізоўвалася больш за паўсотні інвестпраектаў (у тым ліку 44 – у парку «Вялікі камень»), з інвестарамі прапрацоўваецца магчымасць рэалізацыі звыш дзясятка новых праектаў.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці